У свеце шмат цудоўных моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія – мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна родная мова.

Дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яго носьбіта. Гэта яшчэ адна нагода для кожнага чалавека задумацца аб лёсе той, адзінай мовы, якую завеш матчынай.

21 лютага ЮНЕСКА абвясціла Міжнародным днём роднай мовы, каб папярэдзіць знікненне асобных гаворак свету і захаваць моўную разнастайнасць.

25 лютага хлопчыкі і дзяўчынкі з клуба «Чамучка» прынялі ўдзел ў пазнавальна-гульнявой праграме «Мова родная – мова модная».

Чытачам быў прапанаваны агляд папулярных  кніг: «Самы лепшы падарунак» Т.Сівец, «Вандроўка з божымі кароўкамі» А.Масла, «Прыгоды мышкі Пік-Пік» Л.Рублеўскай, «Вяселая азбука» У.Ліпскага,»Красамоўнае сэрца»А.Аблажэя, «Прыгоды Віруса Шкодзі»А.Бутэвіча,»Чароўная крыніца,ці Як навучыць дракона чысціць зубы» С.Мінскевіча, «Звычайныя рэчы»Л.Ахроменка, «Дзяўчынка з вішнёвага завулка» Т.Бунты і іншыя. Асаблівую зацікаўленасць выклікалі творы гомельскіх пісьменнікаў: вяселыя вершы Я.Калашнікава і цікавыя гісторыі В.Ткачова.

Дзеці пагарталі каляровыя старонкі вядомага часопіса «Вяселка» і пазнаеміліся з цікавымі артыкуламі і творамі сучасных аўтараў, даведаліся пра тое, што ў горадзе Полацку ўстаноўлены незвычайны помнік у гонар літары «Ў» нескладовае, якой няма больш ні ў адной мове свету.

Дзеці былі прыемна ўражаны, даведаўшыся аб тым, што беларуская мова – самая мілагучная пасля італьянскай і самая старажытная сярод славянскіх. І таму нам, жыхарам Беларусі, многія могуць пазайздросціць: у спадчыну нам засталася па-сапраўднаму ўнікальная мова.

Хлопчыкі і дзяўчынкі чыталі вершы вядомых беларускіх паэтаў аб роднай мове і спявалі беларускія песні, адгадвалі загадкі і рэбусы, адказвалі на пытанні віктарыны і разгадвалі крыжаванкі, перакладалі словы з беларускай мовы на рускую і спаборнічалі, хто хучэй скажа скарагаворку.

Прыемным завяршэннем сустрэчы стаў прагляд вясёлых мультфільмаў пра любімага героя беларускага фальклору Несцерку.

Часцей чытайце кнігі на беларускай мове. Завітайце ў бібліятэку, пазнаёмцеся з навінкамі на кніжных паліцах.

Вучыце і беражыце родную мову!

admin

От admin