16 лютага ў клуб «Чамучка» завіталі юныя чытачы разам са сваімі бацькамі, каб прыняць удзел у літаратурнай вандроўцы «Дзівосы кніжных старонак», прысвечанай Міжнароднаму дню роднай мовы. Разам з кіраўніком чытацкага аб’яднання – Валянцінай Лук’янавай – удзельнікі мерапрыемства перагарнулі старонкі кніг сучасных беларускіх пісьменнікаў: Г. Аўласенкі, А. Масла, Л. Рублеўскай, У. Ліпскага, М. Пазнякова, В. Нікольскай, А. Бутэвіча. Асаблівую цікавасць выклікалі незвычайныя літаратурныя героі: Шубуршун (герой серыі кніг А. Карлюкевіча), Какос Маракос («Вялікія прыгоды Какоса Маракоса» С. Мінскевіча), Бульбобы («Прыгоды Бульбобаў» П. Місько), іншапланетныя істоты з кнігі-перакруткі «Вухуцік. Васільвася» К. Хадасевіч-Лісавой.

З задавальненнем чытачы слухалі ўрыўкі з новай кнігі К. Хадасевіч-Лісавой «Таямніцы незвычайнай школы» пра вясёлыя прыгоды школьнага дамавіка і яго памочнікаў – класавічкоў.

У выкананні самых малодшых удзельніц клуба Лізы Фіцнер і Арыны Пеўневай прагучалі вершы Я. КалашнікаваЭ. Агняцвет і М. Пазнякова.

З захапленнем дзеці і нават дарослыя прынялі ўдзел у конкурсах: перакладалі словы з беларускай мовы на рускую, адгадвалі загадкі ад Васі Вясёлкіна, называлі беларускія словы на розныя тэмы, шукалі схаваныя ў словах імёны.

Зацікавіла нашых удзельнікаў і творчае заданне: з асобных радкоў скласці вершы беларускіх класікаў і сучасных паэтаў. Найбольш дакладна яго выканалі Багдан Савосцін і сям’я Падзярогіных.

Сваю зацікаўленасць мастацкімі творамі на роднай мове юныя чытачы выразілі з дапамогай сардэчак, якімі аздобілі любімыя кнігі.

Напрыканцы сустрэчы бібліятэкар заклікала дзяцей чытаць па-беларуску і звярнулася да іх словамі Э. Агняцвет:

«Скрозь на кожнай тут паліцы
Вас чакаюць таямніцы.
Хочаш вершы, хочаш казку,
Выбірай жа, калі ласка…»

admin

От admin